БЯЛОВА   Ірына Антонаўна

  

Кандыдат юрыдычных навук, дацэнт, дацэнт кафедры дзяржаўнага, працоўнага і сельскагаспадарчага права. Нарадзілася 7 мая 1969 года ў горадзе Гродна, полька. У 1976 годзе пачала вучобу ў школе № 5 горада Гродна. У 1986 годзе скончыла Батагайскую сярэднюю школу ў Якуцкай АССР з сярэбраным медалём. Працоўную дзейнасць пачала ў якасці сакратара судовых пасяджэнняў народнага суда Ленінскага раёна горада Гродна.

У 1986 – 1987 гг. працавала справаводам у народным судзе Кастрычніцкага раёна горада Гродна. У 1987 – 1992 гг. навучалася на факультэце правазнаўства Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, які скончыла з адзнакай і атрымала кваліфікацыю “юрыст”.

Была размеркавана на кафедру дзяржаўнага, працоўнага і сельскагаспадарчага права выкладчыкам-стажорам. У 1992 – 1995 гг. навучалася ў аспірантуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы па спецыяльнасці 12.00.06 – зямельнае, аграрнае і прыродарэсурснае права  пад кіраўніцтвам прафесара, доктара юрыдычных навук Івана Вітальевіча Гушчына. Пасля вучобы ў аспірантуры працавала асістэнтам кафедры дзяржаўнага, працоўнага і сельскагаспадарчага права. Кандыдацкую дысертацыю на тэму “Прававое рэгуляванне дадатковага сацыяльнага забеспячэння работнікаў сельскай гаспадаркі ў Рэспубліцы Беларусь” абараніла ў 1999 годзе ў Інстытуце дзяржавы і права НАН Беларусі. 27 студзеня 1999 года была абрана на пасаду старшага выкладчыка, 30 чэрвеня 2000 года – дацэнта кафедры дзяржаўнага, працоўнага і сельскагаспадарчага права.

З 4 снежня 2001 года па ўласнаму жаданню пераведзена на працу ў Гродзенскі філіял Беларускага інстытута правазнаўства на пасаду загадчыка кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, дзе працавала да 2008 года. З красавіка 2008 года па чэрвень 2010 года – дэкан юрыдычнага факультэта ўстановы адукацыі “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы”.