СТАНКЕВІЧ Надзея Генрыхаўна

 

Кандыдат юрыдычных навук, дацэнт, дацэнт кафедры грамадзянскага права і працэсу. Нарадзілася 27 ліпеня 1954 г., руская. У 1971 годзе паступіла і ў 1976 г. скончыла эканоміка-прававы факультэт Калінінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта (зараз – Расійскі дзяржаўны ўніверсітэт імя І.Канта) з адзнакай. Працоўную дзейнасць пачала памочнікам пракурора Гусеўскага раёна Калінінградскай вобласці ў 1976 годзе. У 1977 годзе выбрана па конкурсу на пасаду асістэнта кафедры грамадзянскага права і працэсу Калінінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1979 па 1982 г. навучалася ў мэтавай аспірантуры Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава па спецыяльнасці 12.00.06 – аграрнае, зямельнае і прыродарэсурснае права пад кіраўніцтвам прафесара, доктара юрыдычных навук В.П. Балезіна. Кандыдацкую дысертацыю на тэму “Право пользования землями, предоставленными для коллективного садоводства и огородничества”, абараніла ў 1982 годзе ў Маскоўскім дзяржаўным универсітэце імя М.В. Ламаносава.

Працоўную дзейнасць у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце пачала ў 1983 годзе на пасадзе дацэнта кафедры працоўнага, грамадзянскага права і працэсу, з 1989 года – дацэнт кафедры грамадзянскага права і працэсу. З 1994 па 1996 навучальны год часова працавала на пасадзе дацэнта кафедры правазнаўства Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1996 года – на пасадзе дацэнта кафедры грамадзянскага права і працэсу Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1998 па 2003 год загадвала кафедрай грамадзянскага права і працэсу. Падрыхтавала шэраг навучальных дапаможнікаў, тры з якіх выдадзены з грыфам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. У 2004 – 2007 гг. з’яўлялася спашукальнікам ступені доктара юрыдычных навук пры Беларускім дзяржаўным універсітэце, падрыхтавала да абароны доктарскую дысертацыю. Асноўныя напрамкі навуковых даследаванняў – рэчавыя правы на зямлю і іншыя аб’екты нерухомасці, гандлёвыя і іншыя здзелкі. Узнагароджана Ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі і Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, у 2009 г. – знакам “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”, у 2010 годзе – Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.