ВІНАГОРАЎ Захар Васільевіч

 

Прафесар, кандыдат юрыдычных навук. Нарадзіўся 7 студзеня 1954 года ў г. Баранавічы Брэсцкай вобласці, беларус. Пасля заканчэння сярэдняй школы працаваў на заводзе станкапрыналежнасцяў. Служыў у Савецкай Арміі. У 1979 годзе скончыў юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна і аспірантуру па кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права гэтага факультэта пад кіраўніцтвам знакамітага беларускага навукоўца, заснавальніка навукі гісторыі дзяржавы і права Беларусі, прафесара, доктара юрыдычных навук Іосіфа Аляксандравіча Юхо. Кандыдацкую дысертацыю на тэму «Судовая рэформа 1864 года на тэрыторыі Беларусі» абараніў у 1985 годзе ва Усесаюзным юрыдычным завочным інстытуце (зараз Маскоўская дзяржаўная юрыдычная акадэмія) у г. Маскве ў 1985 г. Падчас навучання ў аспірантуры ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце чытаў лекцыі па курсу «Гісторыя дзяржавы і права БССР». На кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права працаваў з 1982 па 1990 год старшым выкладчыкам, дацэнтам кафедры. Шчыры, адказны, працавіты і сумленны чалавек, таленавіты навуковец і выкладчык. З 1990 года – на сталай працы ў Сакратарыяце Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, з 1994 года – у Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Працаваў начальнікам дзяржаўна-прававога ўпраўлення. З 1997 года – намеснік старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь. У 1997 годзе прысвоена ганаровае званне “Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь”. Асноўныя навуковыя працы прысвечаны даследаванню разнастайных праблем гісторыі дзяржавы і права Беларусі, дзяржаўнага будаўніцтва і судовай улады.