ЛУТЧАНКА Юрый Ільіч

Нарадзіўся ў горадзе Новасібірску, рускі. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1957 годзе пачаў працоўную дзейнасць на прадпрыемствах абароннага комплексу г. Новасібірска токарам, электразваршчыкам.

У 1962 годзе паступіў у Свярдлоўскі юрыдычны інстытут імя Д.І. Курскага, які паспяхова скончыў у 1966 годзе па спецыяльнасці “Правазнаўства” і атрымаў кваліфікацыю “юрыст”. Са снежня 1965 года па снежань 1967 года працаваў суддзёй Котласкага гарадскога народнага суда Архангельскай вобласці. З 1967 па 1970 г. працаваў стажорам, а затым памочнікам міжраённага пракурора Таржокскага раёна Калінінскай вобласці. З 1970 па 1973 г. працаваў начальнікам міжкалгаснага юрыдычнага бюро ўпраўлення горада Таржок Калінінскай вобласці.

З 1973 па 1975 год навучаўся ў аспірантуры Усесаюзнага навукова-даследчага інстытута савецкага заканадаўства (г. Масква), якую скончыў датэрмінова. Навуковая ступень кандыдата юрыдычных навук была прысуджана рашэннем савета УНДІ савецкага заканадаўства ў студзені 1975 года па выніках абароны кандыдацкай дысертацыі на тэму “Удзел пракурора ў судзе першай інстанцыі па грамадзянскіх справах”. Пасля аспірантуры працаваў на пасадах намесніка дэкана юрыдычнага факультэта, дацэнта кафедры крымінальнага і грамадзянскага права і працэсу Іванаўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Вучонае званне дацэнта па кафедры крымінальнага і грамадзянскага права і працэсу прысвоена ў чэрвені 1980 года.

У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце працоўную дзейнасць пачаў у 1980 годзе на пасадзе дацэнта кафедры працоўнага, грамадзянскага права і працэсу. На працягу адзінаццаці гадоў працаваў на пасадах загадчыка кафедры. З 1985 па 1989 г. узначальваў кафедру працоўнага, грамадзянскага права і працэсу, з 1989 па 1996 г. – кафедру грамадзянскага права і працэсу. З 1998 года па красавік 2000 года ўзначальваў кафедру спецыяльных юрыдычных дысцыплін Гродзенскага філіяла недзяржаўнага інстытута сучасных ведаў. У маі 2000 года вярнуўся ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. У чэрвені 2001 года быў абраны на пасаду прафесара кафедры грамадзянскага права і працэсу.

У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце выкладаў курс грамадзянскага працэсу. Апублікаваў больш за 80 навуковых, метадычных і навучальна-метадычных прац. Падрыхтаваў двух кандыдатаў юрыдычных навук, якія працуюць у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.