КУЗНЯЦОЎ Мікалай Панцеляймонавіч

 

Нарадзіўся ў горадзе Варонеж, рускі. У 1966 годзе скончыў сярэднюю школу № 17 у горадзе Варонеж. Працоўную дзейнасць пачаў у якасці вучня слесара-інструментальшчыка ў 1966 годзе. З 1971 па 1976 год вучыўся на дзённым аддзяленні юрыдычнага факультэта Варонежскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ленінскага камсамола. Універсітэт скончыў з адзнакай і атрымаў кваліфікацыю “юрыст”. Быў размеркаваны на працу на пасаду малодшага навуковага супрацоўніка крыміналагічнай лабараторыі юрыдычнага факультэта Варонежскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Затым навучаўся ў дзённай аспірантуры гэтага ўніверсітэта. Пасля заканчэння вучобы ў аспірантуры працаваў старшым лабарантам юрыдычнага факультэта. У лістападзе 1980 года абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Даказванне ў стадыі ўзбуджэння крымінальнай справы”. Рашэннем ВАК СССР ад 10 ліпеня 1981 года прысуджана навуковая ступень кандыдата юрыдычных навук. З лістапада 1980 года працаваў выкладчыкам кафедры крымінальнага і крымінальнага выканаўчага права, з верасня 1982 года – выкладчыкам кафедры крымінальнага працэсу і крыміналістыкі Варонежскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце працаваў са снежня 1982 па верасень 1987 года. Працоўную дзейнасць пачаў на пасадзе выкладчыка кафедры крымінальнага права, працэсу і крыміналістыкі 4 снежня 1982 года. У студзені 1983 года абраны на пасаду выкладчыка гэтай кафедры, у кастрычніку 1983 года – старшага выкладчыка дадзенай кафедры. З верасня 1984 года – дацэнт кафедры крымінальнага права, працэсу і крыміналістыкі.