КАНАНОВІЧ Аляксандр Міхайлавіч

 

Нарадзіўся 3 чэрвеня 1952 года ў горадзе Гродна, беларус. У 1969 годзе скончыў сярэднюю школу № 11 горада Гродна. Працоўную дзейнасць пачаў рабочым у праектным інстытуце “Белдзяржпраект”. Працаваў асвятляльнікам у Гродзенскім абласным драматычным тэатры, манцёрам на МТС, лабарантам у Гродзенскім сельскагаспадарчым інстытуце. Вучыўся ў Гродзенскім музычным вучылішчы па спецыяльнасці “Харавое дырыжыраванне”, працаваў слесарам КВП на Гродзенскім шклозаводзе.

З 1974 па 1978 год навучаўся ў Харкаўскім юрыдычным інстытуце імя Ф.Э. Дзяржынскага на пракурорска-следчым факультэце, які паспяхова скончыў і атрымаў кваліфікацыю “юрыст”. Пасля заканчэння інстытута працаваў стажорам, а затым следчым і старшым следчым пракуратуры Кастрычніцкага раёна горада Гродна.

У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце працу пачаў 2 верасня 1981 года на кафедры крымінальнага права, працэсу і крыміналістыкі, у сакавіку 1982 года быў абраны на пасаду асістэнта гэтай кафедры. З верасня 1982 года працаваў старшым выкладчыкам кафедры крымінальнага права, працэсу і крыміналістыкі. Выконваў абавязкі намесніка дэкана факультэта правазнаўства на грамадскіх пачатках. Звольніўся з працы 17 красавіка 1985 года па ўласнаму жаданню.