КАЛМЫКОЎ Васілій Цімафеевіч

 

Прафесар, кандыдат юрыдычных навук. Нарадзіўся 10 красавіка 1921 года ў рабочым пасёлку Хватаўка Базарна Карабулакскага раёна Саратаўскай вобласці ў сям’і рабочага, рускі. Пасля заканчэння Хватаўскай сярэдняй школы ў 1939 годзе паступіў у Саратаўскае авіяцыйна-тэхнічнае вучылішча грамадзянскага паветранага флоту, якое не паспеў скончыць у сувязі з прызывам на службу ў армію. З 9 верасня 1940 года па 26 мая 1946 года знаходзіўся ў радах Чырвонай, а затым – Савецкай Арміі. З 22 чэрвеня 1941 года па 9 мая 1945 года прымаў удзел у Вялікай Айчыннай вайне, быў стралком, старшынёй роты аэрадромнага абслугоўвання на Паўночна-Заходнім, Калінінскім, 1-м і 2-м Прыбалтыйскіх і 2-м Беларускім франтах. За ўдзел у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ўзнагароджаны сям’ю медалямі, у тым ліку “За баявыя заслугі”, “За ўзяцце Кёнігсберга”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 – 1945 гг.”.

З 1946 па 1948 год вучыўся ў Саратаўскай юрыдычнай школе, пасля заканчэння якой быў накіраваны на працу ў судовыя органы Беларускай ССР. З 1948 па 1953 год вучыўся на завочным аддзяленні Мінскага юрыдычнага інстытута, пасля заканчэння якога атрымаў кваліфікацыю “юрыст”. З 1948 па 1952 год працаваў стажорам, народным суддзёй 1-га ўчастка горада Маладзечна, з 1952 па 1971 год быў членам Вярхоўнага Суда Беларускай ССР. Затым па рашэнню ЦК КПБ быў пераведзены на працу ў Міністэрства юстыцыі Беларускай ССР на пасаду начальніка ўпраўлення судовых органаў, члена калегіі Міністэрства юстыцыі. За бездакорную шматгадовую службу ў судовых органах і органах юстыцыі тройчы ўзнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Беларускай ССР. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР ад 1 лютага 1967 года за заслугі ў справе ўмацавання сацыялістычнай законнасці прысвоена ганаровае званне “Заслужаны юрыст БССР”. Прымаў удзел у распрацоўцы Канстытуцыі Беларускай ССР 1978 года, Крымінальнага і Крымінальна-працэсуальнага кодэксаў Беларускай ССР, Закона аб судаўладкаванні Беларускай ССР, Закона аб водзыве народных суддзяў і народных засядацеляў судоў Беларускай ССР і шэрагу іншых актаў заканадаўства.

Рашэннем Савета Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна ад 10 лістапада 1970 года прысуджана вучоная ступень кандыдата юрыдычных навук. Пасля абароны кандыдацкай дысертацыі ў 1970-х – пачатку 1980-х гадоў актыўна спалучаў працу ў Міністэрстве юстыцыі Беларускай ССР з педагагічнай дзейнасцю. На ўмовах пагадзіннай аплаты працаваў на кафедры крымінальнага права Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна, у Рэспубліканскім міжгаліновым інстытуце павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў галінаў народнай гаспадаркі. Неаднаразова прызначаўся старшынёй дзяржаўнай камісіі па прыёму дзяржаўных экзаменаў у Мінскай вышэйшай школе МУС СССР.

У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце працаваў з 19 жніўня 1981 года. Першапачаткова быў залічаны на пасаду старшага выкладчыка кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, з 18 снежня 1981 года пасля абрання на савеце факультэта правазнаўства працаваў старшым выкладчыкам кафедры крымінальнага права, працэсу і крыміналістыкі. У сакавіку 1982 года быў абраны на пасаду дацэнта кафедры крымінальнага права, працэсу і крыміналістыкі.

1 верасня 1981 года быў прызначаны на пасаду дэкана факультэта правазнаўства, 30 красавіка 1982 года саветам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта адзінагалосна абраны на гэтую пасаду. На пасадзе дэкана факультэта правазнаўства працаваў да 1 верасня 1985 года. 18 студзеня 1984 года яму было прысвоена званне дацэнта па кафедры крымінальнага права, працэсу і крыміналістыкі. 2 красавіка 1988 года абраны на пасаду прафесара кафедры крымінальнага права, працэсу і крыміналістыкі. 26 красавіка 1990 года рашэннем Дзяржаўнага камітэта СССР па народнай адукацыі было прысвоена званне прафесара і выдадзены атэстат прафесара. Звольніўся з працы ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы па асабістаму жаданню 8 ліпеня 1998 года. Пасля пераезду ў горад Мінск працаваў у Беларускім інстытуце правазнаўства.