КАВАЛЕНКА Анатолій Ільіч

 

Прафесар, доктар юрыдычных навук. Нарадзіўся 29 ліпеня 1946 г. у г. Омску, украінец. Працаваў слесарам аўтабазы і адначасова навучаўся на вячэрнім аддзяленні юрыдычнага факультэта Казахскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя С.М. Кірава. Працаваў лабарантам, малодшым навуковым супрацоўнікам у Інстытуце філасофіі і права АН Казахскай ССР. Кандыдацкую дысертацыю абараніў у 1972 годзе ў Казахскім дзяржаўным універсітэце імя С.М. Кірава. На факультэце правазнаўства Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта працуе з 1979 года, спачатку на кафедры дзяржавы і права, а з 1980 года, з першага дня заснавання кафедры, і па 1983 год – дацэнтам кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права. Быў «лакаматывам» навуковай дзейнасці на кафедры. Аўтар першай на кафедры і на факультэце правазнаўства манаграфіі «Савецкая нацыянальная дзяржаўнасць», якая ўбачыла свет у выдавецтве «Вышэйшая школа» ў Мінску ў 1983 годзе. Кіраваў першай гаспадарча-разліковай навукова-даследчай тэмай, якая ажыццяўлялася на кафедры з 1981 па 1983 год. У 1983 годзе пераехаў у г. Маскву і працаваў дацэнтам, а затым, пасля абароны доктарскай дысертацыі на тэму «Тэарэтычныя праблемы савецкай нацыянальнай дзяржаўнасці (лагічны спосаб даследавання)» (г. Харкаў, Харкаўскі юрыдычны інстытут імя Ф.Э. Дзяржынскага, 1990) і атрымання навуковага звання прафесара – прафесарам Усесаюзнага завочнага юрыдычнага інстытута (зараз Маскоўская дзяржаўная юрыдычная акадэмія). Выдатны навуковец і таленавіты выкладчык, добры сябра, працавіты чалавек. Актыўна кіраваў навуковай працай студэнтаў. Карыстаўся вялікай павагай і аўтарытэтам у студэнтаў і выкладчыкаў. Асноўныя навуковыя працы прысвечаны даследаванню філасофска-метадалагічных праблем тэорыі дзяржавы і права, дзяржаўнага будаўніцтва. Аўтар навучальных дапаможнікаў па тэорыі дзяржавы і права, канстытуцыйнаму і муніцыпальнаму праву, якія карыстаюцца вялікім попытам сярод студэнтаў і выкладчыкаў у Расійскай Федэрацыі і Рэспубліцы Беларусь.