ЗОРЫН Георгій Аляксеевіч

 

Прафесар, доктар юрыдычных навук, загадчык кафедры крымінальнага працэсу і крыміналістыкі. Нарадзіўся 20 ліпеня 1947 г. у г. Кіраве (Расійская Федэрацыя), рускі. Сярэднюю адукацыю атрымаў у школе працоўнай моладзі № 9 г. Кірава. Працоўную дзейнасць пачаў у спецыяльным канструктарскім бюро “Плунач”, дзе працаваў з 1963 па 1967 г. Сістэматычную юрыдычную адукацыю атрымаў у Свярдлоўскім юрыдычным інстытуце, які скончыў у 1971 годзе. З 1971 па лістапад 1976 г. працаваў старшым следчым пракуратуры Кіраўскай вобласці. Навуковай і педагагічнай дзейнасцю займаецца з 1976 года. Працаваў старшым выкладчыкам Усесаюзнага завочнага юрыдычнага інстытута (зараз Маскоўская юрыдычная акадэмія імя А.М. Кутафіна), скончыў аспірантуру дадзенай навучальнай установы і там жа ў 1979 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Крыміналістычны аналіз асноўных элементаў дарожна-транспартных здарэнняў”.

Працоўную дзейнасць у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце пачаў у 1980 годзе на пасадзе дацэнта кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права. З 1981 па 1987 г. працаваў дацэнтам кафедры крымінальнага права, працэсу і крыміналістыкі. Вучонае званне дацэнта па кафедры крымінальнага права, працэсу і крыміналістыкі прысвоена ў 1983 годзе. З 1987 г. узначальвае кафедру крымінальнага права, працэсу і крыміналістыкі, з 1999 года – кафедру крымінальнага працэсу і крыміналістыкі. Вучонае званне прафесара прысвоена ў 1990 годзе. У 1991 г. у навукова-даследчым інстытуце ўмацавання сацыялістычнай законнасці і правапарадку пры Генеральнай пракуратуры СССР абараніў доктарскую дысертацыю на тэму “Праблемы прымянення спецыяльных логіка-псіхалагічных метадаў пры падрыхтоўцы і правядзенні следчых дзеянняў”.

Г.А. Зорын – выдатны навуковец і выкладчык, тактоўны і інтэлігентны чалавек, заўсёды знаходзіцца ў творчым пошуку новых ідэй, форм і метадаў удасканалення навучальнага працэсу, методык выкладання юрыдычных дысцыплін і выхавання студэнцкай моладзі. Стварыў навуковую школу па праблемах крыміналістыкі. Пад навуковым кіраўніцтвам прафесара, доктара юрыдычных навук Г.А. Зорына абаронена 8 кандыдацкіх дысертацый. За шматгадовую і плённую працу на ніве юрыдычнай навукі і адукацыі ўзнагароджаны знакам “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”, Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Ганаровай граматай Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Пад кіраўніцтвам Г.А. Зорына праводзяцца даследаванні па фінансуемых навуковых праграмах. Аўтар каля 350 навуковых прац, у тым ліку 68 манаграфій і навучальных дапаможнікаў.