ЗДАСЮК Мікалай Іванавіч

 

Нарадзіўся 21 сакавіка 1949 года ў вёсцы Глаусевічы Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці, беларус. З 1959 па 1964 год вучыўся ў Глаусевічскай сярэдняй школе. Навучаўся ў ГПТВ № 64 горада Гродна і адначасова ў СШПМ.

Працоўную дзейнасць пачаў у будаўнічым трэсце № 11 горада Гродна. З 1968 па 1970 г. служыў у Савецкай Арміі. У 1971 годзе паступіў на службу ў органы ўнутраных спраў. Скончыў Мінскую школу міліцыі і юрыдычны факультэт Калінінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля звальнення ў 1987 годзе з органаў унутраных спраў працаваў у розных галінах народнай гаспадаркі.

У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы працоўную дзейнасць пачаў у 1988 годзе. На пасаду старшага выкладчыка кафедры дзяржаўнага, працоўнага і сельскагаспадарчага права быў абраны ў 1991 годзе. З 1991 па 1992 год працаваў намеснікам дэкана юрыдычнага факультэта. У 1993 годзе абраны на пасаду дацэнта кафедры дзяржаўнага, працоўнага і сельскагаспадарчага права, 6 кастрычніка 1998 года быў пераведзены на пасаду дацэнта кафедры адміністрацыйнага і міжнароднага права. Працаваў на пасадзе дацэнта кафедры міжнароднага права. Кандыдацкую дысертацыю абараніў у сакавіку 1991 года ў Інстытуце філасофіі і права АН БССР на тэму “Праблемы ажыццяўлення грамадзянамі СССР права на медыцынскае лячэнне і абслугоўванне”. Навуковы кіраўнік – прафесар, доктар юрыдычных навук С.Ф. Сокал. Вучонае званне дацэнта прысвоена ў 2001 годзе. Звольніўся з працы ў красавіку 2008 года. Зараз працуе ў Гродзенскім філіяле Беларускага інстытута правазнаўства.