ЖУРОМСКІ Станіслаў Іосіфавіч 

 

Нарадзіўся 24 ліпеня 1941 года ў вёсцы Магуны Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці, паляк.

У 1955 годзе скончыў Магунскую сямігадовую школу і паступіў у Лідскі тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі. Потым у сувязі з яго ліквідацыяй вучыўся ў Буда-Кашалёўскім тэхнікуме сельскай гаспадаркі, які скончыў у 1959 годзе. Непрацяглы час працаваў на заводзе “Лідсельмаш”, затым на працягу двух гадоў – выкладчыкам асноў вытворчасці Радзівонішскай сярэдняй школы. З 1961 па 1964 г. працаваў інструктарам Лідскага гарадскога і Лідскага сельскага камітэта камсамола, сакратаром камітэта камсамола саўгаса “Тарнова”.

У 1964 годзе паступіў на юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна, які паспяхова скончыў у 1968 годзе. З 1968 па 1973 г. працаваў стажорам, следчым, памочнікам пракурора Лідскай міжрайпракуратуры. З 1973 па 1974 год працаваў пракурорам Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці.

З 1974 па 1977 год навучаўся ў аспірантуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна на кафедры крымінальнага працэсу. Пасля заканчэння аспірантуры працаваў на кафедры крымінальнага працэсу Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна.

У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце працу пачаў 27 жніўня 1979 года на пасадзе выкладчыка кафедры гісторыі СССР і БССР, 1 верасня быў пераведзены на пасаду выкладчыка кафедры дзяржавы і права. 1 верасня 1979 года быў прызначаны намеснікам дэкана гістарычнага факультэта па аддзяленню правазнаўства. Працаваў старшым выкладчыкам кафедры дзяржавы і права, кафедры працоўнага, грамадзянскага права і працэсу, дацэнтам кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, а затым дацэнтам кафедры крымінальнага права, працэсу і крыміналістыкі. З 4 верасня 1989 года па 30 сакавіка 1992 года працаваў намеснікам дэкана факультэта правазнаўства. Кандыдацкую дысертацыю на тэму “Асноўныя напрамкі пракурорскага нагляду ў БССР у гады індустрыялізацыі і калектывізацыі (1926 – 1932 гг.) абараніў у 1980 годзе. Званне дацэнта атрымаў у 1985 годзе. 1 верасня 1996 года перайшоў на працу ў Гродзенскі філіял Беларускага інстытута правазнаўства.