ВЕРАБЕЙНІКАЎ Міхаіл Аляксандравіч 

 

Нарадзіўся 22 лістапада 1944 г. у г. Ухта Комі АССР, рускі. Скончыў школу працоўнай моладзі ў г. Барнауле Алтайскага краю. Працаваў у краявой камсамольскай газеце “Моладзь Алтая” ў якасці выпускаючага рэдактара. У 1962 годзе паступіў на першы курс гісторыка-філалагічнага факультэта Томскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя В.У. Куйбышава. З 1963 па 1966 г. служыў у Савецкай Арміі. Навучаўся на завочным аддзяленні названага ўніверсітэта і працаваў стажорам-следчым  пракуратуры Кастрычніцкага раёна г. Барнаула, памочнікам пракурора г. Новаалтайска, старшым следчым Цэнтральнага раёна г. Барнаула. У 1970 г. скончыў поўны курс Барнаульскага юрыдычнага факультэта Томскага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці “Правазнаўства” і  з верасня 1970 года па кастрычнік 1973 года працаваў асістэнтам кафедры  крымінальнага і грамадзянскага права і працэсу Барнаульскага юрыдычнага факультэта Томскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1971 годзе паступіў у завочную аспірантуру Томскага дзяржаўнага ўніверсітэта па  спецыяльнасці “Крымінальнае права і працэс”. З 1973 па 1974 г. – лабарант кабінета крыміналістыкі факультэта гісторыі і права Яраслаўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1974 па 1978 г. працаваў асістэнтам кафедры крымінальнага права і працэсу Яраслаўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1977 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю ў Ленінградскім дзяржаўным універсітэце імя А.А.  Жданава  на тэму “Забарона пераўтварэння да горшага ў савецкім крымінальным працэсе”. З 1978 па 1984 навучальны год – старшы выкладчык кафедры крымінальнага права і працэсу Яраслаўскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

 У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы працаваў з 1 верасня 1984 года па 6 кастрычніка 1996 года на пасадах старшага выкладчыка кафедры дзяржаўнага, працоўнага і сельскагаспадарчага права, кафедры крымінальнага права, працэсу і крыміналістыкі,  з 1985 года – дацэнта кафедры крымінальнага права, працэсу і крыміналістыкі. У 1986 годзе прысвоена званне дацэнта. Кіраваў школай народных кантралёраў, выбіраўся старшынёй таварысцкага суда ўніверсітэта, вылучаўся працоўным калектывам у народныя засядацелі Вярхоўнага Суда Беларускай ССР.