БАГДАНАЎ Яўген Уладзіміравіч

 

Прафесар, доктар юрыдычных навук. Нарадзіўся 14 красавіка 1948 года на ст. Шэлекса Плесецкага раёна Архангельскай вобласці, рускі. У 1963 годзе паступіў у лесатэхнічны тэхнікум, які паспяхова скончыў у 1967 годзе. З 1967 па 1969 г. праходзіў службу ў Савецкай Арміі. Пасля працаваў выкладчыкам спецыяльных дысцыплін у Архангельскім лесатэхнічным тэхнікуме, майстрам цэха Савінскага цэментнага завода. З 1 верасня 1971 года па 30 чэрвеня 1975 года навучаўся ў Харкаўскім юрыдычным інстытуце імя Ф.Э. Дзяржынскага, які скончыў па спецыяльнасці “Правазнаўства” і атрымаў дыплом юрыста. З 1975 па 1978 г. навучаўся ў аспірантуры Харкаўскага юрыдычнага інстытута, пасля заканчэння якой працаваў асістэнтам кафедры грамадзянскага права гэтага ж інстытута. У 1979 годзе ў Харкаўскім юрыдычным інстытуце абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Прававое рэгуляванне прадстаўлення жылой плошчы ў дамах дзяржаўнага фонду”.

У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце пачаў працу ў верасні 1979 года на пасадзе старшага выкладчыка кафедры працоўнага, грамадзянскага права і працэсу. У лютым 1981 года быў абраны на пасаду дацэнта гэтай жа кафедры. Званне дацэнта прысвоена ў 1984 годзе па кафедры працоўнага, грамадзянскага права і працэсу. З чэрвеня 1984 года па чэрвень 1985 года выконваў абавязкі загадчыка кафедры працоўнага, грамадзянскага права і працэсу, затым працаваў на пасадзе дацэнта кафедры працоўнага, грамадзянскага права і працэсу і дацэнта кафедры грамадзянскага права і працэсу. У кастрычніку 1993 года абараніў доктарскую дысертацыю. Звольніўся з працы ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце па ўласнаму жаданню 22 чэрвеня 1994 года. Пасля ад’езду з г. Гродна працаваў загадчыкам кафедры і дэканам юрыдычнага факультэта Белгарадскага дзяржаўнага ўніверсітэта (Расійская Федэрацыя).