ШУПІЦКАЯ Аксана Мікалаеўна

 

Кандыдат юрыдычных навук, дацэнт, дацэнт кафедры дзяржаўнага, працоўнага і сельскагаспадарчага права. Нарадзілася 17 лютага 1968 года ў горадзе Гродна, беларуска. У 1985 годзе скончыла сярэднюю школу № 10 горада Гродна і паступіла на факультэт правазнаўства Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, які скончыла з адзнакай у 1990 годзе. З 1990 па 1993 год навучалася ў аспірантуры на кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы пад кіраўніцтвам прафесара, доктара юрыдычных навук Сцяпана Фёдаравіча Сокала. У 1995 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Станаўленне і развіццё органаў гаспадарчай юрысдыкцыі ў Беларусі: гістарычна-тэарэтычны аспект» у Беларускім дзяржаўным універсітэце. Працоўную дзейнасць у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце пачала на кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права ў 1993 годзе. Працавала на пасадах выкладчыка, старшага выкладчыка, дацэнта кафедры. Займала пасаду намесніка дэкана юрыдычнага факультэта па практыцы на грамадскіх пачатках. З 2005 года на грамадскіх пачатках  працавала намеснікам дэкана юрыдычнага факультэта па навуковай працы. Актыўна кансультуе студэнтаў, якія займаюцца ў юрыдычнай клініцы права і працуюць у грамадскіх прыёмных па прававых пытаннях. Прынцыповы, сумленны, працавіты і адказны чалавек, адмысловы навуковец і выкладчык. Апублікавала больш за 60 навуковых і навучальна-метадычных прац, у іх ліку тэксты лекцый па курсу «Сацыялогія права». Асноўныя навуковыя працы прысвечаны даследаванню сацыяльных аспектаў праватворчасці і правапрымянення, канстытуцыйнага статуса асобы, развіццю прававой сістэмы Беларусі. З 2008 года працуе на кафедры дзяржаўнага, працоўнага і сельскагаспадарчага права.