ПЯЧЭРСКІ Уладзімір Уладзіміравіч

 

Нарадзіўся 10 верасня 1962 года ў горадзе Гродна, беларус. У 1979 годзе скончыў сярэднюю школу № 10 г. Гродна і ў гэтым самым годзе паступіў у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт правазнаўства. У 1984 годзе скончыў вучобу з адзнакай, атрымаў кваліфікацыю “юрыст”. Працоўную дзейнасць пачаў на пасадзе старшага лабаранта кафедры крымінальнага права, працэсу і крыміналістыкі ГрДУ. З 1984 па 1989 г. навучаўся ў аспірантуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна на кафедры крыміналістыкі пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча навукі, прафесара, доктара юрыдычных навук Андрэя Васільевіча Дулава. З 1985 па 1986 г. праходзіў службу ва Узброеных Сілах СССР.

Са жніўня 1989 года – на пасадзе выкладчыка кафедры крымінальнага права, працэсу і крыміналістыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, з 1990 года – старшы выкладчык, з 1991 года – дацэнт гэтай кафедры. У розны час выконваў абавязкі намесніка дэкана юрыдычнага факультэта на грамадскіх пачатках па навукова-даследчай працы, па завочнаму навучанню і па практычнай падрыхтоўцы студэнтаў. Узначальваў жыллёвую камісію Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, выбіраўся народным засядацелем Ленінскага раённага суда горада Гродна.

У 1989 года ў савеце пры Беларускім дзяржаўным універсітэце імя У.І. Леніна абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Вывучэнне структуры вытворчай арганізацыі пры расследаванні крадзяжоў” па спецыяльнасці 12.00.09 – крымінальны працэс, крыміналістыка, аператыўна-пошукавая дзейнасць. Вучонае званне дацэнта прысвоена ў 1994 годзе.

27 сакавіка 2002 года пераведзены на пасаду намесніка дэкана факультэта давузаўскай падрыхтоўкі і прафесійнай арыентацыі моладзі ўстановы адукацыі “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы”. 31 кастрычніка 2003 года звольніўся з працы ў сувязі з паступленнем у мэтавую дактарантуру Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы выкладаў курсы крыміналістыкі на завочным і дзённым аддзяленнях, спецкурсы “Тактычныя аперацыі”, “Інтэлектуальная культура следчага”, “Расследаванне асобных відаў гаспадарчых злачынстваў”.