МАРТЫНЕНКА Ігар Эдуардавіч

 

Кандыдат юрыдычных навук, дацэнт, загадчык кафедры грамадзянскага права і працэсу. Нарадзіўся 13 кастрычніка 1961 г. у г. Клінцы Бранскай вобласці, рускі. У 1979  – 1981 гг. праходзіў службу ва Узброеных Сілах СССР. У 1987 г. скончыў юрыдычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і быў накіраваны на працу ў органы пракуратуры. У перыяд са жніўня 1987 па лістапад 2000 г. служыў у органах пракуратуры Рэспублікі Беларусь на пасадах памочніка пракурора раёна; пракурора аддзела, старшага пракурора аддзела Гродзенскай абласной пракуратуры; старшага памочніка пракурора Гродзенскай вобласці па асаблівых даручэннях; начальніка аддзела па нагляду за выкананнем мытнага і падатковага заканадаўства пракуратуры Гродзенскай вобласці; намесніка начальніка аддзела пракуратуры Рэспублікі Беларусь. Класны чын – саветнік юстыцыі.

У 1997 г. скончыў аспірантуру па завочнай форме навучання ГрДУ імя Янкі Купалы па спецыяльнасці 12.00.03 – грамадзянскае і сямейнае права, грамадзянскі працэс пад кіраўніцтвам дацэнта, кандыдата юрыдычных навук Юрыя Ільіча Лутчанкі. Кандыдацкую дысертацыю на тэму “Судебная защита прокурором государственных и общественных интересов, прав и законных интересов граждан и юридических лиц” абараніў  датэрмінова ў 1997 годзе. У 1999 – 2000 гг. загадваў кафедрай пракурорскай дзейнасці Інстытута перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі суддзяў, работнікаў пракуратуры, судоў і ўстаноў юстыцыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З лістапада 2000 г. – у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы: дацэнт кафедры грамадзянскага права і працэсу; з лістапада 2003 г. – загадчык кафедры грамадзянскага права і працэсу. Асноўныя напрамкі навуковых даследаванняў – прававая ахова гісторыка-культурнай спадчыны; праблемы грамадзянскага і гаспадарчага працэсаў; арганізацыя праваахоўнай дзейнасці. Неаднаразова заахвочваўся генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь, міністрам юстыцыі Рэспублікі Беларусь. З’яўляецца аўтарам 154 навуковых прац.