МАКСІМАВА Людміла Рыгораўна

(02.08.1954   –  27. 12.2008)

 

Нарадзілася ў г. п. Стрэшын Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці, беларуска. У 1971 годзе скончыла Стрэшынскую сярэднюю школу і паступіла ў тэхнічнае вучылішча № 76 электратэхнікі ў горадзе Мінску, якое скончыла ў 1972 годзе. Працоўную дзейнасць пачала ў якасці зборшчыцы вытворча-тэхнічнага аб’яднання “Інтэграл”.

У лістападзе 1976 года паступіла на падрыхтоўчае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна і пасля здачы іспытаў у 1977 годзе была залічана ў склад студэнтаў юрыдычнага факультэта. Пасля заканчэння юрыдычнага факультэта і прысваення кваліфікацыі “юрыст” была размеркавана на працу на пасаду дзяржаўнага натарыуса Цэнтральнага раёна горада Гомеля. Затым працавала дзяржаўным натарыусам у горадзе Жлобіне, юрысконсультам на шэрагу прадпрыемстваў народнай гаспадаркі. У 1990 годзе ў сувязі з аварыяй на Чарнобыльскай АС разам з сям’ёй пераехала на сталае месца жыхарства ў горад Гродна. Працавала юрысконсультам юрыдычнага аддзела Гродзенскага аблвыканкама.

У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы працу пачала на пасадзе старшага лабаранта кафедры дзяржаўнага, працоўнага і сельскагаспадарчага права 4 сакавіка 1991 года. У верасні 1991 года была прызначана загадчыкам кабінета савецкага заканадаўства. З 1994 года – старшы выкладчык кафедры грамадзянскага права і працэсу. З’яўлялася членам савета факультэта, жыллёвай камісіі ўніверсітэта. На працягу дзесяці гадоў з’яўлялася старшынёй прафсаюзнага бюро юрыдычнага факультэта.