ЕЛІСЕЕЎ Вячаслаў Сяргеевіч

 

Нарадзіўся 19 снежня 1960 года ў горадзе Віцебску, рускі. У 1978 годзе скончыў сярэднюю школу № 5 горада Наваполацка і паступіў у Растоўскае вышэйшае ваеннае камандна-інжынернае вучылішча імя М.І. Нядзеліна, якое скончыў у 1983 годзе па спецыяльнасці “Ваенны інжынер па радыёэлектроніцы”. З 1983 па 1994 год праходзіў службу ў ракетных войсках стратэгічнага прызначэння, якія дыслацыраваліся на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, займаў розныя пасады: ад інжынера групы да намесніка камандзіра дывізіёна па рабоце з асабовым складам.

У 1992 годзе паступіў на завочнае аддзяленне юрыдычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, якое скончыў з адзнакай у 1997 годзе. У гэтым самым годзе паступіў у аспірантуру Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта на завочнае аддзяленне. У аспірантуры навучаўся пад кіраўніцтвам дацэнта, кандыдата юрыдычных навук Іосіфа Іванавіча Вяленты. З 1994 па 1999 год праходзіў службу ў ваеннай пракуратуры Расійскай Федэрацыі на пасадах следчага і старшага следчага. Звольніўся са службы 9 ліпеня 1999 года.

У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы працаваў з 1999 па 2008 г. Працу пачаў 1 верасня 1999 года на пасадзе асістэнта кафедры грамадзянскага права і працэсу, затым быў пераведзены на пасаду асістэнта кафедры дзяржаўнага, працоўнага і сельскагаспадарчага права. Працаваў намеснікам дэкана гуманітарнага факультэта, дацэнтам кафедры грамадзянскага права і працэсу. У 2001 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “ Механізм дзяржаўна-прававога рэгулявання аграрных адносінаў у дзяржаўным сектары эканомікі (на прыкладзе заканадаўства Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі)” пад навуковым кіраўніцтвам дацэнта, кандыдата юрыдычных навук І.І. Вяленты.