АГІЯВЕЦ Святлана Уладзіміраўна

 

Кандыдат юрыдычных навук, дацэнт, прарэктар па вучэбнай і выхаваўчай працы і сацыяльных пытаннях Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Нарадзілася 11 лістапада 1971 г. у вёсцы Невашоўшчына Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці, беларуска. Сярэднюю адукацыю атрымала ў сярэдняй школе № 2 горада Навагрудка.  У 1988 годзе паступіла і ў 1993 годзе  з адзнакай скончыла факультэт правазнаўства Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. З 1993 па 1996 г. навучалася ў аспірантуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы  па спецыяльнасці 12.00.06 – аграрнае, зямельнае і прыродарэсурснае права пад кіраўніцтвам прафесара, доктара юрыдычных навук Івана Вітальевіча Гушчына. У 1999 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму “Прававое рэгуляванне медыцынскага лячэння і абслугоўвання ў Рэспубліцы Беларусь” у спецыялізаваным савеце па абароне дысертацый Д 01.45.01 пры Інстытуце філасофіі і права НАН Беларусі па спецыяльнасці 12.00.05 – працоўнае права; права сацыяльнага забеспячэння. Навуковае званне дацэнта па спецыяльнасці “Права” прысвоена ў 2001 годзе. Працоўную дзейнасць  у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы пачала ў 1993 годзе на пасадзе асістэнта кафедры дзяржаўнага, працоўнага і сельскагаспадарчага права. Працавала старшым выкладчыкам, дацэнтам кафедры дзяржаўнага, працоўнага і сельскагаспадарчага права, намеснікам дэкана юрыдычнага факультэта. З 2007 года – прарэктар па вучэбнай і выхаваўчай працы і сацыяльных пытаннях Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Асноўныя накірункі навуковых даследаванняў – права сацыяльнага забеспячэння; медыцынскае права; працоўнае права. З’яўляецца аўтарам больш за 60 навуковых прац, сааўтарам двух падручнікаў і трох навучальных дапаможнікаў з грыфам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. У 2007 годзе ўзнагароджана Граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, у 2008 годзе – юбілейным медалём “80 год Пракуратуры Рэспублікі Беларусь”, у 2009 годзе – Ганаровай граматай Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.