АБРАМЧЫК Лілія Яраславаўна

    

Кандыдат юрыдычных навук, дацэнт, загадчык кафедры дзяржаўнага, працоўнага і сельскагаспадарчага права. Нарадзілася 30 верасня 1967 г. у в. Сіратоўшчына Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці, беларуска. Сярэднюю адукацыю атрымала  ў сярэдняй школе № 2 горада Дзятлава. Працоўную дзейнасць пачала ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі Дзятлаўскага раёна. У 1986 годзе паступіла і ў 1991 годзе скончыла факультэт правазнаўства Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Працоўную дзейнасць у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце пачала ў 1991 годзе на пасадзе выкладчыка-стажора кафедры дзяржаўнага, працоўнага і сельскагаспадарчага права.  З 1991 па 1994 год навучалася ў аспірантуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам прафесара, доктара юрыдычных навук Івана Вітальевіча Гушчына па спецыяльнасці 12.00.06 – аграрнае, зямельнае і прыродарэсурснае права. З 1994 года  – начальнік аддзялення гуманітарнага факультэта,  затым  намеснік дэкана юрыдычнага факультэта. У 2000 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Правовое регулирование пособий по социальному обеспечению граждан в Республике Беларусь» у спецыялізаваным савеце на абароне дысертацый пры Інстытуце дзяржавы і права НАН Беларусі па спецыяльнасці 12.00.05 – працоўнае права; права сацыяльнага забеспячэння. Вучонае званне дацэнта па спецыяльнасці “Права” прысвоена ў 2002 г. Асноўныя напрамкі навуковых даследаванняў – сацыяльная палітыка дзяржавы, праватворчасць і правапрымяненне ў сферы фінансавай дзейнасці. З’яўляецца аўтарам больш за 130 навуковых прац, 6 дапаможнікаў, 2 падручнікаў з грыфам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (у сааўтарстве). У 2003 г. узнагароджана Граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, у 2008 г. – Ганаровай граматай Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, у 2009 г. – Граматай Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.